Памёр стваральнік Саюза Беларускіх Патрыётаў Антон Фурс
Памёр Антон Фурс. Пра гэта паведаміў на фэйсбуку яго сын Юрый.
Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГу, у 1947 годзе атрымаў 15 гадоў лагераў за прыналежнасць да „Саюза Беларускіх Патрыётаў” – арганізацыі вучнёўскай моладзі, якая ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці.
Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна. У 1944 годзе паступіў у педагагічную вучэльню ў Глыбокім. Моладзь бачыла выцісканне беларускай мовы з навучальнага працэсу – і пастанавіла адказаць на гэта, стварылі арганізацыю, натхніўшыся прыкладам таемных гурткоў філаматаў і філарэтаў у Вільні пры Расійскай Імперыі. 25 сакавіка 1946 года, сабраўшыся на паддашшы дома ў Глыбокім, сябры СБП прынеслі прысягу на вернасць ідэалам незалежнай Беларусі. Падчас гэтай таемнай урачыстасці на сцяне была вывешаная Пагоня – яе намалявала Алеся Умпіровіч з Пастаўскай вучэльні, якая пасля лагераў стала жонкай Антона. У 1947 годзе адбыліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Усе яны атрымалі вялікія тэрміны ў лагерах – да 25 гадоў, але большасць выйшла пасля перагляду справаў неўзабаве пасля смерці Сталіна, адседзеўшы прыкладна па дзесяць год.
Вярнуўшыся з лагераў, Антон Фурс узяў шлюб з Алесяй Умпіровіч, якая ўдзельнічала ў дзейнасці СБП у Паставах і таксама вярнулася з ГУЛАГу. Яны пражылі разам да 2017 года, калі Алеся памерла. Большую частку жыцця яны пражылі ў Казахстане, паехалі туды самі, бо на радзіме Антона не бралі на працу. Перыядычна прыязджалі ў Беларусь, адведвалі Ларысу Геніюш, з якой Алеся адбывала пакаранне ў лагерах. Усё жыццё Антон Фурс быў вернымі ідэалам вольнай, незалежнай і беларускай Беларусі. У 1984 годзе, калі выйшлі на пенсію, вярнуліся на радзіму, купілі палову дома ў Паставах. Другую палову займаў былы лагерны ахоўнік, які часам казаў: „Я бы вас всех назад отправил!” І ў глыбокай старасці Антон цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, глядзеў беларускамоўнае тэлебачанне, наведваў сходы пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.
У 2013 годзе пра СБП быў зняты фільм „Глыбоцкая змова”, паказаны на тэлебачанні. У 2019 годзе – фрагмент інтэрв’ю з ім быў паказаны ў перадачы Stop Josta на літоўскім канале „LRT Plus”.
У жніўні 2020 года, Антон Фурс разам з іншымі жыхарамі Паставаў быў на Плошчы. Я тады радаваўся, што ён дачакаўся часу, калі людзі выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі… Прынамсі, ён мог пераканацца, што ідэя, якой ён ахвяраваў сваю маладосць, не знікла, што за яе змагаюцца маладыя.
Пахаванне Антона Фурса адбудзецца 20 кастрычніка каля 14:00 на могілках у Паставах.
Кастусь Шыталь, краязнаўца