Памёр Уладзімір Анцулевіч



Не стала Уладзіміра Анцулевіча, навукоўца, аднаго з даўніх лідараў Беларускага Народнага Фронту. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў былы дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі Леанід Дзейка.

Уладзімір Анцулевіч ведамы найперш тым, што ў 1992 годзе быў старшынём ініцыятыўнай групы, калі БНФ спрабаваў арганізаваць рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары ў Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў (каля 442 тысяч), аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзення рэфэрэндуму.

Уладзімір Анцулевіч нарадзіўся 15 траўня 1954 года ў вёсцы Жытомля непадалёк Гародні. У 1976 годзе скончыў БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці „Оптыка”. Працаваў на розных пасадах у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі. Пазней, у 1993-1996 гадах працаваў настаўнікам інфарматыкі ў гімназіі №5 Менску. Быў рэдактарам аддзелу часопіса „Мастацтва” (1996-1999).  Сустаршыня Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтру „Беларуская перспектыва” (1995-1999), навуковы сакратар Народнага ўніверсітэту.

Уладзімір Анцулевіч быў сябрам партыі БНФ з часу яе заснавання. Узначальваў выбарчы камітэт БНФ, быў сябрам Сойму. У 1995 годзе выйшаў з кіраўніцтва БНФ. У 1996 годзе ўзначальваў грамадскую Камісію па назіранні за ініцыяваным Лукашэнкам рэферэндумам. Гэтая камісія сабрала больш 2 тысяч дакументаў з фактамі парушэнняў выбарчага заканадаўства і зафіксаванымі фальсіфікацыямі.

Як навуковец Анцулевіч напісаў больш 70 працаў па фізічнай оптыцы.

Развітанне з Уладзімірам Анцулевічам адбудзецца 28 лютага ў Менску па адрасе Кульман 33а.

Светлая памяць…

Беларускае Радыё Рацыя