Памёр Васіль Сёмуха (абноўлена)



Развітанне з перакладчыкам Васілём Сёмухам, які памёр 3 лютага ва ўзросце 83 гадоў, адбудзецца 6 лютага.

Як паведаміла БелаПАН старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, цырымонія пройдзе з 10.00 да 14.45 у рытуальнай зале №1 на вуліцы Альшэўскага, 12 у Менску.

У 14.45 памерлага павязуць у крэматорый на Паўночных могілках сталіцы.

* * *

Позна ўвечары 3 лютага стала вядома, што на 84-ым годзе жыцця памёр Васіль Сёмуха, вялікі беларускі перакладнік. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай.

 фота svaboda.org

Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 году ў сям’і лесніка на хутары Ясенец (Пружанскі раён). У ліпені 1942 года немцы арыштавалі бацькоў праз падазрэнне ў дапамозе партызанам і расстралялі, хутар спалілі.

Сваёй роднай мовай Сёмуха называў заходнепалескі дыялект, які вельмі любіў і з якога праз пераклады шмат прыўнёс у літаратурную беларускую мову, якой валодаў як мала хто. 

Працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959–1964), інжынэрам у сектары тэхнічнай інфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе (1964–1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966–1967), літаратурным супрацоўнікам газэты «Літаратура і мастацтва» (1967–1972). Як сумяшчальнік выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966–1970).

З 1972 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1977 году, потым Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Васіль Сёмуха — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Нямеччыны і Латвіі. Ад сярэдзіны 1990-х яго, аднак, ігнаравалі ўлады РБ, бо ён рэзка і адкрыта крытыкаваў аўтарытарны рэжым. Выкладаў у забароненым Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа. П’есу «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» ў ягоным перакладзе, поўную паралеляў з беларускай сучаснасцю, знялі з паказу ў тэатры «Вольная сцэна».

Перакладаў з нямецкай, польскай, латышскай, іншых моваў. У канцы жыцця Васіль Сёмуха страціў зрок у выніку дыябету, але да апошняга перакладаў.