Памёр Ягор Пратасеня, які спрабаваў пакончыць з жыццём у турме



Хлопец памёр а 14 гадзіне ў Салігорску, у сваёй кватэры. Тры тыдні таму маці Святлана забрала яго з салігорскага шпіталя і глядзела яго сама, але ў апошнія дні ягоны стан пачаў пагаршацца, паведвамляе svaboda.org.

«Лекары сказалі ўчора, што мала яму засталося. Сёння ён чакаў мяне, ляжаў з адкрытымі вачыма. Я прыйшла ў абед з працы, ён быў жывы, прыбрала яго, і тут гэта пачалося, і хутка ён памёр у мяне на руках. Сяджу вось каля яго. Яшчэ не прыехала міліцыя і лекары, чакаю. А з комы ён так і не выходзіў. Стаў зусім слабы мой сыночак, і вось — усё. Усяго 20 гадкоў пажыў».

Напрыканцы 2015 году Салігорскі раённы суд асудзіў жыхара Салігорску Ягора Пратасеню на 14 год зняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Пазней Менскі абласны суд прысуд пацвердзіў, але вызваліў Ягора Пратасеню ад адказнасці з прычыны стану здароўя асуджанага. З пачатку году Ягор Пратасеня знаходзіўся ў стане комы пасля няўдалай спробы самагубства ў жодзінскай турме.

4–5 студзеня Ягор Пратасеня ў адзіночнай камеры спрабаваў павесіцца, яго дасталі з пятлі ахоўнікі. Міліцыянты сказалі, што ў пятлі вязень прабыў нязначны час, аднак Святлана Пратасеня ў гэта не верыла і падазравала міліцыянтаў у нядбайнасці. Маці спасылалася на дрэнныя наступствы, бо сын трапіў у кому. Ягора Пратасеню ў стане комы спачатку трымалі ў жодзінскім шпіталі, потым у шпіталі ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага, а 4 сакавіка прывезлі ў салігорскі шпіталь.

На спатканні з маці пасля вынясення прысуду ў снежні 2015 году і ў ранейшых лістах да яе з калоніі Ягор Пратасеня распавядаў пра катаванні і здзекі з боку оперупаўнаважаных салігорскай управы наркакантролю, якія, як ён лічыў, сфальшавалі ягоную справу. Хлопец папярэджваў, што на знак пратэсту і каб адпомсціць міліцыянтам скончыць жыццё самагубствам. Святлана Пратасеня пасля гэтых сігналаў сына звярталася ў міліцыю і пракуратуру, каб правялі дадатковую праверку справы яе сына.

У студзені 2016 году Следчы камітэт Беларусі распачаў праверку спробы самагубства Ягора Пратасені ў жодзінскай турме. Ці вядомыя яе вынікі?

«Афіцыйна мне нічога не паведамілі, але якраз учора я званіла ў Следчы камітэт, і там сказалі, што ніхто ў гэтым не вінаваты, толькі ён сам. Сказалі, што скончылі праверку і якраз друкуюць мне тую паперу, але яшчэ не атрымала. Значыць, ніхто не вінаваты, і супрацоўнікі наркакантролю Салігорску ні пры чым? Чаму ж тады лісты ягоныя з турмы ў мяне так і не забралі для праверкі, не адзін толькі жнівеньскі ліст, а ўсе, з пачатку мінулага году, дзе ён пісаў пра здзекі і фальшаваньне справы? Канечне, крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе…» — сказала Святлана Пратасеня.