Памёр заснавальнік Беларускай партыі „Зялёныя” Алег Грамыка



Ва ўзросце 69-ці гадоў памёр заснавальнік Беларускай партыі „Зялёныя” Алег Грамыка.

«Гэта вялікая страта для экалагічнага руху Беларусі, ля вытокаў якога ён стаяў», – кажа старшыня беларускай партыі «Зялёныя» Алег Новікаў:

 – Ён здолеў захаваць партыю ў вельмі нялёгкія часы. Партыя мала таго, што была ў правінцыі і фактычна не мела доступу да рэсурсаў, якімі карыстаюцца партыі ў Менску. З іншага боку – гэта была іншая эпоха. І мы яшчэ самі не зразумеі, што сыходзіць пакаленне, якое сапраўды змяніла Беларусь. 

Як адзначаецца ў некралогу, Алег Грамыка нарадзіўся ў вёсцы Залессе Брагінскага раёна Гомельскай вобласці (зараз гэта адселеная зона каля Чарнобыльскай АЭС).

Беларуская партыя „Зялёныя” была створана ў 1994-м годзе ў Гомелі. «Сям’я жыла непадалёк ад Чарнобыля, дзве сястры і брат памерлі ад анкалагічных захворванняў. Гэта значыць праблемы экалогіі закранулі мяне напрамую. І калі на адной з экалагічных канферэнцый у Нямеччыне спыталі, чаму ў Беларусі да гэтага часу няма партыі „зялёных”, ўзяўся за яе стварэнне», – казаў Алег Грамыка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя