Памёр збіты хуліганам гей Міхаіл Пішчэўскі
Гісторыя – поўная несправядлівасці. Так у нашым эфіры праваабаронца Таццяна Равяка пракаментавала навіну пра смерць Міхаіла Пішчэўскага. Летась менчук трапіў у бальніцу ў стане комы пасля ўдару, нанесенага яму былым настаўнікам фізкультуры Дзмітрыем Лукашэвічам. Гэта адбылося на выхадзе з клубу, дзе праходзіла гей-вечарына. Прычына – гомасексуальнасць Пішчэўскага.
Суд гэтых акалічнасцяў не ўлічыў і Лукашэвічу прысудзіў 2 гады і 8 месяцаў зняволення, але ён выйшаў па амністыі праз 11 месяцаў. 27 кастрычніка стала вядома, што Міхаіл Пішчэўскі памёр. Уражвае і падыход судовай сістэмы да справы і падыход грамадства, заўважае праваабаронца Таццяна Равяка:
– Сумна ад таго, што ў нас ёсць непрыманне іншасці людзей, у дадзеным выпадку прыналежнасці да ЛГБТ. Гавораць, што беларусы вельмі талерантныя, але яны праяўляюць жорсткасць і нянавісць да людзей, якія ў прынцыпе нічога кепскага не зрабілі, яны проста іншыя.
У беларускім грамадстве таксама актывізавалася даскусія на тэму талерантнасці. Так, напрыклад, экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Тацяна Караткевіч ў сваім фейсбуку напісала, што Міхаіла Пішчэўскага “забіла нецярпімасць у грамадстве”.
У той час як сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец адзначыў, што не разумее ўвагі да выпадку са збіццём і смерцю гея Міхаіла Пішчэўскага, маўляў, у беларускім грамадстве і так шмат іншых праблемаў.
Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя