Папа Францішак: Бог не павінен застацца толькі ў Кракаве



У Кракаве скончыліся Сусветныя Дні Моладзі. На заканчэнне фэсту Папа Францішак адслужыў Святую Імшу для маладых каталікоў на велізарным полі каля Вялічкі, дзе змясцілася да паўтара мільёна пілігрымаў.

1469986787

Пантыфік таксама прамовіў да моладзі казанне, у якім адзначыў, што для Бога кожны чалавек з’яўляецца каштоўным, а хрысціяне павінны дзейнічаць, каб змяняць свет да лепшага, а не “закрываць сваё жыццё ў шуфлядзе.” Папа Францішак таксама адзначыў узнёсласць фэсту каталіцкай моладзі і заклікаў, каб гэты энтузіязм не заставаўся ва ўспамінах:

– Бог не хоча заставацца толькі ў гэтым прыгожым горадзе ці ў прыемных успамінах. Ён хоча прыйсці ў твой дом, быць прысутным у тваім штодзённым жыцці: у навуцы, вучобе, першых гадах працы, сяброўстве  і пачуццях, планах і марах. Як жа яму да спадобы, каб усё было данесена яму ў малітве, як жа ён давярае, што сярод штодзённых кантактаў і чатаў на першым месцы будзе залатая стужка малітвы. Як прагне, каб ягонае слова прамаўлялася да кожнага твайго дня, каб ягонае Евангелле стала тваім навігатарам на дарогах жыцця.

Папа Францішак абвясціў, што наступныя Сусветныя Дні Моладзі адбудуцца ў Панаме ў 2019 годзе. “Не ведаю, ці змагу там быць, але напэўна будзе там наступнік Пятра,” – адзначыў Пантыфік.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Кракаў

Фота pope2016.com