Папа Францішак: гендэрная ідэалогія – пагроза сужэнству



„Ватыканскае радыё” узняло праблему гендэрнай ідэалогіі ў сучасным свеце. На старонцы гэтага выдання змешчана стаўленне Рымскага папы Францішка да гэтай праблемы сучаснасці.

„Прыгажосць сужэнства ставіцца пад пагрозу гендэрнай ідэалогіяй”, падкрэсліў папа Францішак 8 чэрвеня 2015 г. у звароце да біскупаў з Пуэрта-Рыка, якіх прыняў на аўдыенцыі у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. Значная частка паслання, якое Святы Айцец уручыў іерархам была прысвечана пытанням душпастырства сям’і.

„Сакрамэнт сужэнства – гэта адзін з найкаштоўнейшых скарбаў лацінаамерыканскіх народаў і яго неабходна бараніць”, падкрэсліў Пантыфік. Ён заклікаў пуэртарыканскіх біскупаў умацаваць душпастырства сем’яў перад абліччам цяжкіх сацыяльных праблем, якія выклікаюць заклапочанасць: “складанай эканамічнай сітуацыяй, эміграцыяй, хатнім насіллем”, а таксама “беспрацоўем, наркатрафікам і карупцыяй”.

Узаемадапаўняльнасць мужчыны і жанчыны, якія з’яўляюцца вяршыняй Божага стварэння, ставіцца пад сумнеў так званай гендэрнай ідэалогіяй “у імя больш свабоднага і справядлівага грамадства”, заўважыў Папа. На самой справе, адметнасці паміж мужчынам і жанчынай існуюць не для супрацьстаяння паміж імі або падпарадкавання аднаго другім, але для еднасці і пракрэацыі, заўсёды на вобраз і падабенства Бога. “Без узаемнага укладу ніводзін з двух не зможа глыбока зразумець сябе”, – сказаў Папа.

Гаворачы аб іншых тэмах Францішак заклікаў пуэртарыканскіх біскупаў быць адзінымі паміж сабой і не губляць сілы на падзелы і канфлікты. Адзінства спрыяе місійнай дзейнасці, падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра важнасць захавання дыстанцыі паміж біскупам і рознымі ідэалогіямі ці палітычнымі тэндэнцыямі. Францішак заклікаў клапаціцца аб пакліканнях і супрацоўнічаць са асацыяцыямі і рухамі свецкіх вернікаў у абвяшчэнні Евангелля ва ўсіх асяродках, у тымі ліку ў самых варожых і далёкіх ад Касцёла.

Ватыканскае радыё