Папа Рымскі Францішак павіншаваў мітрапаліта Філарэта
Папа Рымскі Францішак павіншаваў мітрапаліта Філарэта, ганаровага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з 40-годдзем з дня прызначэння кіраўніком Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Пантыфік перадаў віншаванне праз старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з якім ён сустрэўся на Сінодзе біскупаў у Ватыкане. Даведаўшыся пра юбілей мітрапаліта Філарэта, папа рымскі папрасіў павіншаваць ганаровага кіраўніка БПЦ ад яго імя і запэўніць у „яго блізкасці і малітве”.
Словы кіраўніка Святога прастола арцыбіскуп Кандрусевіч перадаў мітрапаліту Філарэту па тэлефоне. Ад сябе ён падзякаваў праваслаўнага іерарха за яго „бясцэнны ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі”.
„Вы прыйшлі ў Беларусь у часы ваяўнічага атэізму і адразу сталі Віфлеемскай зоркай, якая абвясціла прышэсце новых часоў свабоды веравызнання, а таксама спрыяла адраджэнню каталіцкага касцёла, — адзначыў мітрапаліт Менска-Магілёўскі. — Ваша адкрытасць да міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу спрыяла кансалідацыі вернікаў розных веравызнанняў і ўсяго беларускага грамадства”.
Мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве ў сям’і служачых. У 1957 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, у 1961 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. У 1959 годзе пастрыжаны ў манаства.
У кастрычніку 1978 года прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама патрыяршым экзархам Заходняй Еўропы, у кастрычніку 1989 года — мітрапалітам Менскім і Гарадзенскім, патрыяршым экзархам Беларускім, у лютым 1992 года — мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
25 снежня 2013 года Свяшчэнны сінод Рускай праваслаўнай царквы задаволіў прашэнне мітрапаліта Філарэта „о почислении его на покой” у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Яго прызначылі ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы права ўдзелу ў працы Свяшчэннага сінода і пратакольнае месца на набажэнствах і ў афіцыйных цырымоніях.
Пасля сыходу мітрапаліта Філарэта з пасады кіраўніка БПЦ Беларускі экзархат узначаліў мітрапаліт Павел, былы мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі.
Фота pravoslavie.by.