Папа Рымскі назваў фэйкавыя навіны цяжкім грахом
Папа рымскі Францішак заклікаў журналістаў асвятляць навіны спакойна, дакладна і поўна, раскрытыкаваўшы распаўсюджванне недакладнай інфармацыі і імкненне СМІ да сенсацыйнасці, паведамляе радыё Ватыкана. Пра гэта пантыфік сказаў 16 снежня на сустрэчы з італьянскімі журналістамі.
«Няма патрэбы ўпадаць у «камунікацыйныя грахі»: дэзінфармацыю, аднабаковае асвятленне падзеі, якое змяшчае прыкметы сенсацыйнасці, або паклёп, выцягванне старых, даўно мінулых рэчаў. Гэта вельмі цяжкія грахі, якія наносяць шкоду сэрцу журналіста і іншым людзям», — сказаў Папа Францішак.
Пантыфік дадаў, што місія журналістаў — дакладнае інфармаванне, прадстаўленне людзям фактаў, максімальна набліжаных да рэальнасці.
Францішак падкрэсліў, што ў цяперашні час, калі пануе імкненне да хуткай падачы інфармацыі і сенсацый, якім не хапае дакладнасці і паўнаты, востра адчуваецца патрэба ў надзейнай інфармацыі, з праверанымі дадзенымі і навінамі, мэта якіх не забаўляць або ўражваць, а стварыць у чытачоў крытычны падыход, які дазволіць ім задаваць правільныя пытанні і рабіць абгрунтаваныя высновы.
Беларускае Радыё Рацыя