Папа Рымскі заклікаў свет на фоне пандэміі аб’яднацца
Прамаўляючы на велікодным набажэнстве ў Ватыкане, папа Рымскі Францыск ушанаваў памяць ахвяраў пандэміі каронавірусу SARS-CoV-2 і пажадаў шмат сілаў медыцынскім работнікам.
З-за пандэміі каронавірусу велікодная служба ў Ватыкане ў нядзелю, 12 красавіка, прайшла без прыхаджанаў. Відэатрансляцыя набажэнства ў саборы Святога Пятра ішла ў эфіры шэрагу тэлеканалаў і даступная ў інтэрнэце. З традыцыйным пасланнем Urbi et Orbi (Гораду і свету) папа Рымскі выступіў не з балкона сабору перад шматтысячным зборам людзей, як звычайна, а ў сярэдзіне храма.
Пантыфік ушанаваў памяць ахвяраў эпідэміі каронавірусу, якая, па яго словах, ёсць цяжкім выпрабаваннем для ўсяго чалавецтва, і заклікаў усе краіны свету да згуртаванасці. Абыякавасць і эгаізм недапушчальныя, падкрэсліў пантыфік, асобна згадаўшы бежанцаў, якія знаходзяцца ў цяжкіх умовах. Ён таксама пажадаў шмат сілаў медыцынскім работнікам і іншым людзям, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі заражэння.
У выступе пантыфіка таксама прагучаў заклік у звязку з пандэміяй вызваліць ад даўгоў самыя бедныя краіны свету, а таксама змякчыць усе міжнародныя санкцыі. Ён адзначыў, што краіны Еўразвязу апынуліся перад „эпахальнай задачай”, якая патрабуе праяваў салідарнасці і, магчыма, пошуку новых шляхоў развіцця.
Папа Рымскі таксама заклікаў да спынення агню ўдзельнікаў усіх канфліктаў, у тым ліку ў Сірыі, Йемене, Іраку.
Паводле Deutsche Welle