Паплечнікі перадалі Наталлі Папковай перадачу ў ІЧУ
Паплечнікі Наталлі Папковай перадалі ёй харчовую і рэчавую перадачы на “суткі”.
Берасцейская грамадская актывістка адбывае арышт у Ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РАУС Берасця ўжо тыдзень, за “ўдзелы ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”. Кажа грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда:
– Мы перадалі ёй садавіну, цыгарэты, мінеральную ваду, печыва, каўбасу. Таксама цёплыя рэчы, бялізну і сродкі асабістай гігіены. Зараз адносіны ў ІЧУ нармальныя, прымаюць усе перадачы.
Па суме дзвюх пастановаў менскага і берасцейскага судоў Папкова мусіць “адседзець” 22 сутак, 7 з якіх з моманту затрымання ўжо прайшлі. “Таксама ад лекара нам вядома, што Наталля патрабуе пэўных лекаў, бо ў момант затрымання акурат ішла ў паліклініку, каб закрыць бальнічны”, – зазначаюць мясцовыя праваабаронцы.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
