“Папулярная навука па-беларуску” пачала новы сезон
Услед за моўнымі курсамі “Мова нанова” новы сезон распачалі заняткі “Папулярная навука па-беларуску”. Першая лекцыя ў галерэі tut.by сабрала больш за паўсотню слухачоў. Ці магчыма сёння вывучаць дакладныя дысцыпліны на роднай мове?
Гаворыць арганізатарка курсаў, студэнтка Наста Палтаржыцкая: Неяк увесну ў нас з’явілася ідэя праводзіць лекцыі па фізіцы. І пачалі праводзіць. Летам у нас былі вакацыі, а зараз мы пачалі заняткі зноў. Гэта былі проста нейкія асобныя лекцыі, а цяпер будзе структурызаваная праграма.
Сёння былі першыя заняткі – уводзіны: гісторыя фізікі. Пасля ўжо будзе некалькі заняткаў пра механіку, затым – малекулярная фізіка. І далей ужо будзем глядзець, як у нас пойдзе справа.
Людзі, якія не вывучалі фізіку ва ўніверсітэтах, школьнікі і дарослыя, якія проста хочуць нешта ўспомніць… Мы ўсё ім нагадаем. Матэрыял у нас нескладаны, тэмы і фармат лёгкія. Таму, мне здаецца, гэта цікава.
Супрацоўнік Інстытута ядзерных праблем БДУ: Даведаўся пра гэтыя заняткі на tut.by, і перадусім мяне зацікавілі яны тым, што праходзяць на беларускай мове. Шмат можна знайсці матэрыялаў на расейскай мове, а вось па-беларуску… Таму лічу, што гэта вельмі важна для нас. Пакуль ёсць недахопы ў тэрміналогіі, навуковых ведах. Але бачу, што гэта прыцягвае моладзь, ёсць зацікаўленне сярод студэнтаў.
Максім Бялоў, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык БДУ: Меў досвед працы на беларускае мове. Але такую вялікую лекцыю не праводзіў яшчэ, бо раней гэта былі невялікія мерапрыемствы. Таму было складана.
Я вяду заняткі, як правіла, на рускай мове, у тым ліку і астраномію. Але ў мяне былі думкі зрабіць яе на беларускай. Мяне нават падтрымалі. Але ў нашым універсітэце ёсць шмат замежных студэнтаў, якія разумеюць, на жаль, толькі расейскую мову. Таму і вырашыў пакінуць выкладанне па-расейску.
А вось тут так атрымалася. І мне спадабалася. Калі я ехаў у метро на гэтыя заняткі, былі тыя ж адчуванні, калі ішоў на сваю першую лекцыю некалькі гадоў таму.
Першая лекцыя была прысвечана гісторыі фізічных ідэй. Мы гаварылі пра навуковую рэвалюцыю, пра тое, што робататэхніка будзе лакаматывам новай навуковай рэвалюцыі. Пасля чаго працавалі з вучэбнымі робатамі.
Я асабліва ўражаны быў тым, што на гэтай лекцыі былі дзеці. Яны зацікаўлены робататэхнікай. І, магчыма, здабудуць пэўныя поспехі ў гэтай галіне.
Павел, студэнт: На мой погляд, гэта вельмі цікавая лекцыя, асабліва для дзяцей. Усё было зразумела. Ніякіх праблем з беларускай мовай не ўзнікла. Гэта, наадварот, было цікава. Нават выклікала дадатковы інтарэс. Я спадзяюся, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць часцей.
“Па-беларуску варта не толькі размаўляць, але і весці навуковую дзейнасць. Пашыраць сферы ўжытку,” – падсумавала заняткі Наста Палтаржыцкая. Лекцыі “Папулярная навука па-беларуску” будуць адбывацца адзін-два разы на месяц.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mirfactov.com