Аўтар папулярнай перадачы, якая атрымала 13 узнагародаў «Emmy», у амаль 20-хвілінным выпуску расказаў, як Лукашэнка 27 год нязменна кіруе краінай, пра рэпрэсіі супраць нязгодных, катаванні і палітычныя забойствы ў Беларусі.
Брытанска-амерыканскі комік Олівэр высмеяў Лукашэнку за яго адмову небяспекі каронавірусу, прысуды за выяўленне «плюшавага дэсанту» у 2012 годзе, і некалькі хвілінаў прысвяціў прычосцы Лукашэнкі і забароне фатаграфаваць яго з некаторых ракурсаў. За тры гадзіны выпуск на Youtube паглядзелі чвэрць мільёна разоў.
Вядучы паказаў відэафрагмент выступу Лукашэнкі ў Берасці перад прэзідэнцкімі выбарамі, дзе той запатрабаваў, каб людзі перасталі яго абражаць, настойваючы на тым, што гэта нідзе ў свеце не дазволена.
«У цябе вельмі вялікі касцюм, ты кепска граеш у хакей, і што б ты не рабіў са сваімі валасамі, гэта, блін, не працуе», — сказаў Олівэр, усклікнуўшы «Бачыце? Я не ў турме».
Джон Олівэр заявіў у эфіры пра онлайн-кампанію супраць рэжыму Лукашэнкі. Яна называецца «Belarusbearforce» (Беларуска-мядзьведжыя сілы). Яе сімвалем з’яўляецца плюшавы мядзьведзік, падобны да таго, які скінулі над Беларуьсю шведскія актывісты ў 2012 годзе. На майцы ў мядзьведзіка выява з дзвюх бульбінаў і морквай пасярэдзіне. Олівэр заклікаў набываць плюшавыя цацкі праз сайт belarusbearforce.com і паабяцаў, што прыбытак ад продажу пойдзе на карысць арганізацыяў, якія змагаюцца за свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі.