Парады пошукавага атрада “Ангел”
Штогод у міліцэйскую статыстыку, як “зніклыя без вестак”, трапляюць больш за дзесяць тысяч беларусаў. Значную іх частку знаходзяць, дзякуючы валанцёрам. Пошукавы атрад “Ангел” перажывае цяжкі эканамічны перыяд. Грошы на арэнду офіса даводзіцца збіраць праз Інтэрнэт. Пры сустрэчы з нашым карэспандэнтам кіраўнік “Ангела” Сяргей Коўган вырашыў не жаліцца, а даць парады тым, хто рызыкуе патрапіць у сумную статыстыку.
– Павялічваецца колькасць зваротаў па грыбніках, якія заблукалі. Пажадана не хадзіць самастойна. Мінімум два чалавекі, каб нехта мог аказаць дапамогу. Тыя, хто прымаюць лекі, – абавязкова бырыце іх з сабой. Апранайце яркую вопратку, не трэба хадзіць у камуфляжы, бо так вас будзе значна складаней знайсці. Заўсёды бярыце з сабой зараджаны мабільны телефон. Адразу паведамляйце што вы заблукалі ў праваахоўныя ворганы. Заставайцеся на месцы і паведаміце, дзе вы знаходзіцеся. Вы павінны ведаць, што вас будуць шукаць, будуць уключаць сірэну, і вы павінны быць на сувязі. Беражыце батарэі мабільнага тэлефона. Насіце з сабой запалкі.
Больш за ўсё “Ангел” разлічвае на спонсарскую дапамогу паспяховых беларускіх кампаній. Бо ім у часы эканамічнага крызісу лягчэй ахвяраваць адносна невялікімі грашыма, чым асобным грамадзянам. Не будзе ахвяраванняў і, магчыма, на чарговы выклік пра зніклага, яго блізкім упершыню давядзецца пачуць: “Нічым не можам дапамагчы”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя