Парашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Ніны Жызнеўскай
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Ніны Жызнеўскай — маці Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага.
„З глыбокім болем успрыняў трагічную вестку, што следам за бацькам Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага сышла ў вечнасць яго маці Ніна Васільеўна, — напісаў Парашэнка на сваёй старонцы ў сетцы „Фэйсбук”. — Гэтая сям’я паказала нам гераічны прыклад самаахвярнасці дзеля ідэалаў свабоды і годнасці. Даручыў МЗС Украіны падаць сям’і ўсю неабходную дапамогу. Вечная памяць Ніне Васільеўне! Героі не паміраюць!”
Жызнеўская памерла ў Гомелі 4 траўня на 61-м годзе жыцця ў шпіталі інвалідаў вайны, куды была дастаўленая напярэдадні хуткай дапамогай. Менш за месяц таму, 8 красавіка, памёр яе 73-гадовы муж.
Калі адбудзецца пахаванне, пакуль невядома.
Сын і бацька Жызнеўскія пахаваныя побач на могілках у вёсцы Знамя Працы Гомельскага раёна. На пахаванні мужа Ніна Жызнеўская звярнулася да яго са словамі: „Не хвалюйся, я неўзабаве прыйду да цябе”.
У Жызнеўскай былі праблемы са здароўем, украінскія ўлады дапамагалі ёй з медыцынскім абследаваннем, а нядаўна перадалі інвалідную каляску.
Міхаіл Жызнеўскі загінуў на Майдане 22 студзеня 2014 года, адным з першых. Званне Героя Украіны было прысвоенае Міхаілу прэзідэнтам Пятром Парашэнкам пасмяротна летам 2017 года.