Парэшткі людзей вывозяць з Хайсоў у невядомым кірунку
На месцы масавых расстрэлаў 30-х гадоў пад Віцебскам у лесе каля вёскі Хайсы працягвае працу 52-гі пошукавы батальён. Чалавечыя чарапы, косці апісваюцца спецыялістамі і вывозяцца з лесу ў невядомым кірунку. Актывісты баяцца, што ўлады працягнуць кампанію па замоўчванні бальшавіцкіх злачынстваў.
Напрыклад, год таму ў братэрскай магіле ахвяраў Другой сусветнай вайны ў Лучосе пахавалі сотні целаў з Хайсоў, хаця характар іх гвалтоўнай смерці вельмі адрозніваўся ад тых людзей, якія там ляжалі. Сведчанні мясцовых жыхароў таксама кажуць пра тое, што расстрэлы ў Хайсах здзяйсняліся савецкімі ўладамі. Куды ж вывозяць парэшткі людзей, будзе высвятляцца, кажа адзін з мясцовых жыхароў Уладзімір:
– Выбіраюць косткі і вывозяць іх. Куды – мы не ведаем. Будзем рабіць запыты, што яны робяць з гэтымі парэшткамі. Зробяць справаздачу. Што ў ёй напішуць? Магчыма, тое ж, што ў мінулым годзе. Можа, знойдуць маленькі кавалачак тканіны, напішуць, што падобны да нямецкага кіцеля, і на падставе гэтага кавалачка скажуць, што гэта ахвяры нямецкіх расстрэлаў, нягледзячы на тое, што мы бачылі кулі калібру 11,43, якія былі ва ўзбраенні НКУС.
Актывісты грамадскай ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” заклікалі ўлады даваць грамадскасці інфармацыю, што адбываецца з забранымі парэшткамі, інфармаваць пра ход экспертызы. Па некаторых сведчаннях, у лесе пад Хайсамі бальшавіцкія ўлады знішчылі не менш за 7 тысяч беларусаў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебская вобласць
Фота аўтара