Паркоўкі супраць кантэйнераў для смецця



Сям’я Бабковых, што пражывае ў Гародні на вуліцы Кабяка 10, змагаецца за тое, каб вярнулі парковачныя месцы для жыхароў дома. Прадстаўнікі камунальных службаў горада занялі гэтыя парковачныя месцы пад пляцоўку, у якой у будучым будуць стаяць бакі для раздзельнага збору смецця.

Пра праблему распавядае Марына Бабкова:

– У самым двары, побач з домам, стаіць прыёмнік для здачы рознага металалому, макулатуры – усяго, што можна перапрацаваць на другасную сыравіну. І такія сметніцы сталі рабіць усюды, што не на карысць парковачным месцам. Наш зварот у ЖКС, каб абмеркаваць з жыхарамі гэтае пытанне: напрыклад, перанесці гэтыя пляцоўкі альбо рабіць іх не так часта і не так шмат, – застаўся без увагі. На нашыя просьбы ніяк не адрэагавалі, а за кошт парковачных месцаў рэалізавалі вось гэтую праграму.

Барыс Бабкоў спрабаваў вырашыць пытанне парковачных месцаў праз жыллёва- камунальную службу, аднак гэта наадварот ускладніла сітуацыю.

– Атрымаўся адваротны эфект. На сённяшні дзень занята 8 парковачных месцаў. Мы прасілі іх пакінуць нам 4 месцы, але яны занялі ўсе 8. На кантакт яны не ідуць, кажуць, што няма іншага месца. Пры гэтым у нас з другога боку дома пустка, на якой можна паставіць хоць 100 такіх кантэйнераў.

Бабковы збіраюцца сабраць подпісы ў жыхароў дома, а таксама звярнуцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каб неяк вырашыць канфлікт з камунальшчыкамі. Канфлікт у сям’і Бабковых за парковачныя месцы цягнецца ў Гародні ўжо некалькі тыдняў, а вырашэння яго пакуль няма.

[Not a valid template]Беларускае Радыё Рацыя, Гародня