Партал tut.by скарыстае ўсе магчымыя прававыя метады
Кіраўніцтва інтэрнет-партала tut.by абурана сітуацыяй са збіццём міліцыяй свайго журналіста Паўла Дабравольскага. Гэта адбылося падчас судовага паседжання па справе „графіцістаў” у памяшканні суду Фрунзенскага раёну ў Менску. Дабравольскі здымаў момант затрымання групы падтрымкі падсудных. І сам быў затрыманы і потым разам з усімі моцна збіты. А пасля яшчэ і прысуджаны да штрафу.
Па словах галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай, кіраўніцтва і калектыў абураныя гэтай сітуацыяй. „Будзем разбірацца ў тым, што здарылася, з дапамогай усіх магчымых прававых метадаў. Звернемся ў пракуратуру і да кіраўніцтва менскай міліцыі. А Павел атрымае ўсю неабходную прававую падтрымку”, – сказала Марына Золатава.
– Гэта ў галаве ў мяне, па-шчырасці, не ўкладаецца, як гэта такое можа быць. Паша, між іншым, правёў некалькі месяцаў ва Украіне, быў у тым ліку на Дамбасе, і ў яго такой сітуацыі не ўзнікала, а тут, у судзе Фрунзенскага раёна, у цэнтры Менска, вось такія рэчы адбываюцца.
„Гэта вельмі сумна і мы павінны гэтаму супрацьстаяць. Таму прыкладзем усе намаганні, каб людзі, вінаватыя ў гэтай сітуацыі, былі пакараныя”, – падкрэсліла Марына Золатава.
Хаця, па яе словах, зараз каментары менскай міліцыі расчароўваюць. Павел Дабравольскі названы ў іх грамадзянінам, які замінаў дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. Аднак Марына Золатава, нагадала, што ў яго было пасведчанне супрацоўнка СМІ і ён заяўляў, што ён журналіст, супрацоўнікам міліцыі. Аднак меркаванне сайту менскай міліцыі – гэта далёка не апошняя інстанцыя. „Думаю, што ў іншых структур і іншых асоб можа бьць іншае стаўленне да гэтайй сітуацыі”, – лічыць Марына Золатава.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя