Партыі БНФ забаранілі правядзенне акцыі ў Слуцку



Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне Партыяй БНФ мітынгу ў Слуцку 29 лістапада з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Адпаведны адказ атрымаў кіраўнік слуцкай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч.

У якасці падставы для забароны акцыі выканкам пазначыў, што заяўленае месца правядзення мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музэю) не з’яўляецца дазволеным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі ў Слуцку – гэта гарадскі стадыён. Таксама не былі дадзеныя і дазволы на правядзенне ўрачыстых сходаў у іншых месцах, звязаных з памяццю Слуцкага паўстання – ў Грозаве, Семежаве ды Вызне.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч наступным чынам пракаментаваў забарону памятных мерапрыемстваў:

– Адмова дадзеная па надуманых падставах, і тут улады не дэманструюць паслядоўнасць – акурат ля краязнаўчага музею акцыі ладзяцца традыцыйна, і летась удзельнікі мітынгу Партыі БНФ з гарадскога стадыёна рушылі да музею, дзе адбываўся дазволены мітынг КХП-БНФ. Апошні раз з забаронай адзначэння Слуцкага збройнага чыну мы сутыкаліся ў 2012 годзе. Супастаўляючы гэтае рашэнне чыноўнікаў з пераследам удзельнікаў і арганізатараў іншых восеньскіх акцый апазіцыі (Дзяды ў Менску ды Берасці, ушанаванне памяці паўстанцаў 1863-га году ў Свіслачы), а таксама шматлікія нематываваныя арышты і затрыманні грамадскіх актывістаў, я магу зрабіць выснову, што ўлады ўжо пачалі дзейнічаць у рэжыме падрыхтоўкі да палітычнай кампаніі 2015 году. Я прагназую, што ў часе падрыхтоўкі да выбараў будуць паўтарацца гэткія падобныя захады па ўдушэнні ўсіх праяваў грамадскай актыўнасці.

Слуцкі збройны чын – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў. 14 лістапада 1920 году пачалася збройная абарона незалежнасці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся З’езд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіравання, а таксама абароны краю. З’езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеянні адбываліся з 27 лістапада па 31 снежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстаньня, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасьць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадзтвам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.

slucak 2014

narodny.org