Партыя БНФ перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні 100-годдзя БНР
„На імя кіраўніка Адміністрацыі Наталлі Качанавай перададзеныя прапановы па святкаванні 100-годдзя БНР, якая была абвешчана 25 сакавіка 1918 года. Раней гэтыя прапановы былі перададзеныя ў Саўмін”, — паведаміў БелаПАН старшыня арганізацыі Рыгор Кастусёў.
Кастусёў таксама спадзяецца, што яму ўдасца абмеркаваць гэтае пытанне з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Дата сустрэчы пакуль не вызначаная.
Партыя БНФ заклікае ўлады афіцыйна адзначыць стагоддзе БНР, прапаноўваючы правесці мерапрыемствы, якія дазваляюць „належным чынам” ушанаваць юбілей беларускай дзяржаўнасці. У прыватнасці, выказвалася прапанова аб стварэнні міжведамаснага аргкамітэта па святкаванні юбілею з удзелам міністэрстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў.
Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года. З 5 студзеня 1919 года Рада і ўрад БНР знаходзяцца ў выгнанні. Цяпер старшынёй Рады БНР з’яўляецца Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.
7 снежня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу ў Менску заявіў, што ў беларускім грамадстве няма адназначнай ацэнкі ролі і месца ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. „Думаю, у такіх умовах мэтазгодна пакінуць тэму даследчыкам і гісторыкам, спецыялістам-міжнароднікам, публіцыстам, дзеячам культуры і мастацтва, каб кожны з іх змог усёабдымна адлюстраваць тыя падзеі, іх месца і значэнне ў гісторыі нашага народа”, — сказаў ён.
Традыцыйна 25 сакавіка, у Дзень Волі, дэмакратычная грамадскасць Беларусі праводзіць масавыя акцыі. Сёлета акцыя ў Менску завяршылася беспрэцэдэнтна маштабнымі затрыманнямі. У сталіцы было затрымана каля 700 чалавек. На наступны дзень, 26 сакавіка, у Менску былі затрыманыя яшчэ больш за 20 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі напярэдадні. У той жа дзень 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску, яшчэ некалькі чалавек — у іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мазыры, Гомелі, Віцебску.