Партыя БНФ супраць знаходжання Вітольда Ашурка за кратамі



Партыя БНФ прыняла заяву з патрабаваннем вызвалення палітвязня, сябра Сойму БНФ Вітольда Ашурка і зняцця з яго ўсіх абвінавачанняў.

 Заяву каментуе намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Вельмі вялікая праблема, таму што ёсць стандартнае правіла праваабаронцаў, згодна з якім людзей залічваюць у лік палітзняволеных. І калі, акрамя таго, што гэта ўдзел у нейкіх палітычных мерапрыемствах, там прысутнічае супраціў пры затрыманні, а калі міліцыя затрымлівае чалавека, то супраціў будзе проста ў любога, то ўзнікае праблема з залічэннем і прызнаннем такога чалавека палітзняволеным. І тое, што гэта грамадскі і палітычны актывіст, якога я ведаю, можа, апошніх гадоў 20, і тое, што ён зараз знаходзіцца за кратамі, – то гэта выключна пераслед па палітычных матывах.

На думку Вадзіма Саранчукова, Вітольда Ашурка трэба лічыць палітвязнем.

– Тое, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа – гэта безумоўна залічвае яго ў лік палітычных зняволеных. Я абсалютна перакананы, што і праваабарончая супольнасць, і грамадства Беларусі ўспрымаюць гэтую сітуацыю менавіта так. Яшчэ раз паўтаруся, Вітольд Ашурак – палітычны зняволены.

Нагадаем, што Вітольду Ашурку інкрымінуецца артыкул 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя  і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Актывіст ужо амаль тры месяцы знаходзіцца за кратамі, спачатку ў Лідзе, а цяпер у Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя