Партыя БНФ заклікае грамадскасць падтрымаць Універсітэт імя Ніла Гілевіча
Партыя БНФ выказвае „рашучую нязгоду з негатыўнымі публікацыямі” аб прыватным беларускамоўным Універсітэце імя Ніла Гілевіча, гаворыцца ў заяве сойма арганізацыі.
Пад выглядам дыскусіі аб беларускамоўным універсітэце, адзначаюць у сойме, „здзяйсняецца дыскрэдытацыя важнай грамадскай ініцыятывы”.
Паслядоўнасць і аднолькавая танальнасць публікацый як на старонках дзяржаўных газет, так і на асобных незалежных сайтах, адзначаецца ў дакуменце, „прымушае падазраваць у іх праяву мэтаскіраванай антыбеларускай кампаніі, скіраванай на недапушчэнне развіцця беларускай мовы ў сістэме нацыянальнай вышэйшай школы”.
Партыя БНФ заклікае грамадскасць Беларусі падтрымаць Універсітэт імя Ніла Гілевіча як „найбольш амбітны і перспектыўны адукацыйны праект, які можа стварыць якасна новае становішча на рынку адукацыйных паслуг Беларусі, а таксама стаць першым крокам па пераадоленні дыскрымінацыі беларускамоўнага насельніцтва ў сістэме вышэйшай адукацыі”.
Арганізацыя выступае і за „безумоўнае развіццё” беларускай мовы ў дзяржаўнай сістэме адукацыі, без чаго нацыянальная вышэйшая школа не можа лічыцца „сапраўды паўнавартаснай для сучаснай незалежнай дзяржавы”.
„Партыя БНФ выступае за стварэнне на заканадаўчым узроўні дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыі на беларускай мове, павелічэнне дзяржаўнага фінансавання праграм па развіцці беларускай культуры, адукацыі і мовы, у тым ліку з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці”, — гаворыцца ў заяве.
Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ГА „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” пачало летась. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і вылучыў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта.
Паводле статуту навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях. Для пачатку заснавальнікі ВНУ паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў па 6-10 найбольш актуальных спецыяльнасцях. У верасні універсітэт пачне праводзіць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў старэйшых класаў і студэнтаў, а таксама ўсіх тых, хто хоча ўдасканаліць свае веды і падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэставання і паступлення ў ВНУ.
Выканаўцам абавязкаў рэктара ўніверсітэта з’яўляецца ганаровы старшыня ТБМ гісторык Алег Трусаў.