Партыя БНФ заклікае суд апраўдаць кіраўнікоў прафсаюза РЭП
Партыя БНФ заклікае суд да прынцыповасці пры вывучэнні доказаў па справе лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і кіраўніка мінскай гарадской структуры арганізацыі Ігара Комліка і вынясення „адзіна магчымага і справядлівага рашэння” ў выглядзе апраўдальнага прысуду.
„Пераўтварэнне правасуддзя ў сродак ажыццяўлення палітычна матываванага пераследу апанентаў улады на падставе маніпулятыўных і сумнеўных ці бяздоказных абвінавачанняў з’яўляецца недапушчальным”, — падкрэсліваецца ў заяве партыі.
З самага пачатку справа супраць Фядыніча і Комліка мела палітычны падтэкст, лічаць у партыі. „Высунутыя на адрас кіраўнікоў прафсаюза абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў выглядалі працягам трывожнай тэндэнцыі, калі ганебныя абвінавачанні ў фінансавых злоўжываннях служаць сродкам для ціску і дыскрэдытацыі актыўных суб’ектаў грамадзянскай супольнасці”, — лічыць старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які выступіў з заявай ад імя арганізацыі.
Партыя БНФ уважліва сачыла за судовым разборам па справе РЭП. Так, адзначаюць у арганізацыі, на стадыі папярэдняга следства і ў судзе былі дапытаныя ў якасці сведак і члены партыі. Іх сведчанні, гаворыцца ў заяве, „паказвалі на заказны характар следства і на несправядлівы, неаб’ектыўны і бяздоказны характар высунутых па справе абвінавачанняў. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія назіралі за працэсам, заявілі пра неабгрунтаванасць абвінавачання”.
Як падкрэсліваюць у партыі, у судзе не было пададзена вартай даверу доказнай базы, якая можа быць абгрунтаваннем высунутага на адрас прадстаўнікоў прафсаюза РЭП абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. „Гэтая справа паводле сваёй формы і па характары дзеянняў уладаў відавочна нагадвае сумнавядомую і ганебную для ўладаў справу кіраўніка праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага. Аднак пры гэтым доказная база яшчэ больш хісткая і неабгрунтаваная: у гэтай справе адсутнічае падставовы элемент — сведчанне атрымання абвінавачанымі сродкаў, з якіх быццам бы мусілі быць сплачаныя падаткі. Таксама адсутнічае важны складнік справаў пра ўхіленне ад падаткаў — перавышэнне выяўленых выдаткаў над даходамі”, — гаворыцца ў дакуменце.
Абвяшчэнне рашэння па справе Фядыніча і Комліка адбудзецца 24 жніўня ў судзе Савецкага раёна Менска. Бок абвінавачання запрасіў для лідараў незалежнага прафсаюза пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову з канфіскацыяй маёмасці і пяцігадовай забаронай на займанне пасад кіраўнікоў.
belapan.by