Парушальніка мяжы аштрафавалі і дэпартавалі ў Польшчу
Завершана разбіральніцтва па факце парушэння заканадаўства аб Дзяржаўнай мяжы грамадзянінам Польшчы на параплане. Жыхара Кракава прызналі парушальнікам рэжыму дзяржаўнай мяжы, той прызнаў сваю віну, – паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі. На маладога чалавека наклалі штраф у 49 базавых велічынь з дэпартацыяй і забаронай уезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь тэрмінам на пяць гадоў. Беларускія памежнікі ўжо перадалі паляка польскаму боку, – падцярджае прэс-сакратар Падляшскай памежнай службы Катажына Здановіч:
– Быў перададзены беларускім бокам у 15.30. Вядзецца разбіральніцва, бо ён здзейсніў парушэнне польскіх законаў. Праз некалькі дзён будзе ўзята тлумачэнне. Гэта жыхар Беластока, які часова пражывае ў Кракаве.
Прыгадаем, што гарадзенскія памежнікі затрымалі 26-гадовага грамадзяніна Польшчы 22 ліпеня: ён пераляцеў польска-беларускую мяжу на параплане, у маладога чалавека пры вобшуку, не знайшлі нічога падазронага. Паводле паляка, ён страціў арыенціроўку на мясцовасці ў паветры і выпадкова трапіў у Беларусь.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя