Пасажыраў не пускалі ў метро з-за пакінутай сумкі



Каля 16-й гадзіны 19 лістапада быў часова зачынены другі вестыбюль станцыі мінскага метро „Каменная Горка” (выхады ў бок МКАД). Здарылася гэта пасля таго, як на прыпынку грамадскага транспарту каля ўваходу ў падземны пераход да згаданай станцыі знайшлі пакінутую сумку. Як інфармуе БелТА, у сумцы не знайшлі ніякіх падазроных прадметаў, там былі толькі асабістыя рэчы.

Станцыя „Каменная Горка” ўжо працуе ў штатным рэжыме, паведамляе прэс-служба Мінскага метрапалітэна ў твітары.

Падобная сітуацыя была і на станцыі метро „Малінаўка”, дзе таксама знайшлі пакінутую сумку. Быў перакрыты ўваход на станцыю з боку гіпермаркета ProStore, выклікалі сапёраў. Але нічога небяспечнага ў сумцы не знайшлі.