Пасажырскі „боінг” страціў крыло пры аварыйнай пасадцы ў Сочы



У аэрапорце Сочы пасажырскі „Боінг-737” кампаніі UTair, які выконваў рэйс з Масквы, пры пасадцы выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы і сутыкнуўся з агароджай, пасля чаго загарэўся.

„Боінг выкаціўся за узлётна-пасадачную паласу, пасля чаго, пераадолеўшы па інэрцыі паласу бяспекі, стукнуўся аб бруствер і пазбавіўся левага крыла”, – паведаміла Інтэрфаксу крыніца ў службах аэрапорта.

Пажар удалося патушыць, пасажыры і экіпаж эвакуіраваны. Па апошняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у выніку здарэння пацярпелі 18 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Раней паведамлялася пра шэсць пацярпелых ад апёкаў. Як стала вядома, адзін з супрацоўнікаў аэрапорта памёр на месцы здарэння ад сардэчнага прыступу.

Як удакладнілі ў UTair, усяго на борце знаходзіліся 164 пасажыры і 6 членаў экіпажа.

„Самалёт Boeing 737-800 з бартавым нумарам VQ-BJI, наступны рэйсам UT579 Масква – Сочы, пасля пасадкі выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. Паветранае судна скацілася ў рэчышча ракі, у выніку чаго разбурыліся стойкі шасі і крыло, адбылося ўзгаранне левага рухавіка „, – паведаміла прэс-служба авіяперавозчыка.

BBC