Пашкоджаныя дахі і будынкі – наступствы непагадзі ў Беларусі
МНС расказала пра наступствы непагадзі. У Беларусі з-за праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 21 м/с у выніку падзення дрэў пашкоджаныя два легкавыя аўтамабілі, – паведамляе МНС.
Зафіксаваныя 24 выпадкі падзення дрэў. Работнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўцы паваленых дрэў. Пацярпелых няма.
У трох раёнах Менскай вобласці і Краснаполлі Магілёўскай вобласці пашкоджаны дахі 7 жылых дамоў, шасці аб’ектаў сацкультбыту і 19 сельскагаспадарчых будынкаў.
Па даных “Белэнерга”, на працягу сутак перыядычна парушалася электразабеспячэнне паўтысячы населеных пунктаў. Адключэнні аператыўна ўхіляюцца аварыйнымі брыгадамі. Па стане на раніцу заставаліся без электрычнасці 62 населеныя пункты ў Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях.
Беларускае Радыё Рацыя