Пашыраны пералік устаноў з правам правядзення ПЛР-тэстаў на COVID-19 



Міністэрства аховы здароўя абнавіла пералік арганізацый, якія маюць права правядзення лабараторных ПЛР-даследаванняў на наяўнасць SARS-CoV-2 на платнай аснове для асоб, якія выязджаюць за межы Беларусі.

Цяпер такую паслугу аказваюць 45 медустаноў ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Варта зазначыць, што ў сакавіку ў краіне працавала толькі 14 лабараторый, дзе можна было здаць ПЛР-тэст.

Так, цяпер у Менску і Менскай вобласці даследаванні праводзяць 22 установы аховы здароўя, па чатыры ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях, па сем — у Віцебскай і Гомельскай і пяць — у Магілёўскай вобласці.

Вынікі выдаюцца на рускай і англійскай мовах.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што 15 красавіка 2021 года набыла моц пастанова галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Расійскай Федэрацыі № 12. У адпаведнасці з гэтым дакументам грамадзяне дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, якія ўязджаюць у Расію з Арменіі, Беларусі і Кыргызстана, павінны ў абавязковым парадку пацвердзіць наяўнасць адмоўнага выніку даследавання на COVID-19 метадам ПЛР з выкарыстаннем мабільнага дадатку „Падарожнічаю без COVID-19”.

„У сувязі з тым, што не ўсе ўстановы падключаныя да дадатку, будзьце ўважлівыя пры выбары лабараторыі для правядзення ПЛР-тэставання на выезд у Расійскую Федэрацыю”, — папярэджваюць у Міністэрстве аховы здароўя.

У пачатку лістапада мінулага года Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся абмежаваць платнае тэставанне на каронавірус. На яго думку, прыватныя лабараторыя моцна завышалі цэны на даследаванне. „А то ў нас ужо некаторыя разумнікі закупілі нейкае абсталяванне і пачынаюць шкуру драць з людзей. Псіхоз ствараюць у грамадстве. Яны бягуць у гэтыя лабараторыі, і да 300 рублёў даходзіць адзін тэст. Калі хтосьці з прыватных лабараторый хоча дапамагчы дзяржаве — на дзяржаўных умовах. У вас вось гэты тыдзень — да панядзелка, — каб усё гэта адбудаваць”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

У пачатку лютага 2021 года Міністэрства аховы здароўя дазволіла прыватным медцэнтрам рабіць платныя тэста на каронавірус, але з абмежаваннямі. Так, быў усталяваны лімітавы максімальны тарыф на паслугу ПЛР — 79,5 рубля.

Акрамя таго, адзначалася, што „ў межах дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння” даецца права недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя ўжываць да гранічнага максімальнага тарыфу павышальны каэфіцыент у памеры да 1,5. Пры гэтым неабходна выконваць суадносіны аказання адной такой паслугі дзяржаўным арганізацыям аховы здароўя на бязвыплатнай аснове і дзвюх — на платнай аснове, паведамляла Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by

Фота: ferra.ru