Паскорыць будаўніцтва сеткі 4G і на яе базе пачаць развіццё 5G
Улады Беларусі ставяць задачу паскорыць будаўніцтва сеткі сувязі 4G і на яе базе пачаць развіццё 5G. Пра гэта ішла размова на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця рынку тэлекамунікацый 19 сакавіка.
Як адзначыў паводле вынікаў нарады першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, сёння паслугі ў стандарце 4G даступныя прыкладна 75% насельніцтва Беларусі. „Такую паслугу павінны атрымліваць не толькі людзі, якія жывуць у Менску і абласных цэнтрах, але ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Наступны значны крок — гэта 5G, гэта інтэрнэт рэчаў. Мы ў комплексе сёння гэтыя пытанні разглядалі: гэта паскарэнне і завяршэнне будаўніцтва сеткі 4G у нашай краіне і ўжо на базе гэтай сеткі далейшае развіццё і будаванне сетак 5G”, — сказаў Турчын у эфіры навін тэлеканала ОНТ.
Што да тэрмінаў укаранення 5G — яны пакуль не вядомыя. „Але мы разумеем, што ў пабудове IT-краіны сетка 5G проста неабходная”, — падкрэсліў Турчын.
Сетку LTE Advanced (4G) у Беларусі запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю 17 снежня 2015 года. Яе будаваннем займаецца падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар beCloud для наступнага давання яе ў карыстанне ўсім зацікаўленым аператарам. Зараз сувязь 4G, якая працуе на аснове сеткі beCloud, даступная абанентам мабільных аператараў „МТС” і life:). Аператар velcom заяўляе, што тэхналагічна цалкам гатовы самастойна разгарнуць сетку 4G у Беларусі ў найкарацейшыя тэрміны — у выпадку атрымання ліцэнзіі ад дзяржавы.
Чакаецца, што паўнавартасныя тэставыя зоны тэхналогіі сувязі 5G з’явяцца ў Беларусі ў 2019 годзе. Упершыню хуткасці гэтай тэхналогіі ў краіне пратэставалі ў красавіку 2017 года. Запуск ажыццявілі аператар beCloud і кітайская кампанія Huawei. Падчас тэстаў удалося дасягнуць хуткасці прыблізна 2.048 Мбіт/с. Тэарэтычная мяжа 4G-хуткасцяў — 1.000 Мбіт/с.
Паводле ацэнак спецыялістаў, укараненне 5G дазволіць забяспечыць карыстальнікаў паўсюдным шырокапалосным мабільным доступам у інтэрнэт. У ліку іншага стандарт 5G будзе арыентаваны на інтэрнэт рэчаў, забяспечваючы перадачу звестак для розных прылад: аўтамабіляў, сэнсараў, элементаў гарадской інфраструктуры, прамысловага абсталявання і гэтак далей.
belapan.by