Пасля 30 сутак арышту выйшаў на волю супрацоўнік „Гародня-Азоту”



З гарадзенскага ІЧУ пасля 30 сутак арышту выйшаў на волю супрацоўнік «Гародня-Азоту», сябра незалежнага прафсаюзу прадпрыемства Аляксандр Жук. Сустракаць яго прыйшлі каля 20 чалавек, сябры, родныя і калегі з прадпрыемства.

«Пачуваюся добра. Першыя два тыдні цягнуліся даволі доўга. А пасля было ўжо прасцей. Прачытаў 15 кніг. Удзячны за ўсе лісты падтрымкі», – сказаў на выхадзе Аляксандр.

26 кастрычніка на «Гародня-Азоце» распачаўся страйк. Аляксандр Жук планаваў далучыцца да яго, але раніцай 27 кастрычніка знік. Толькі ўвечары гэтага ж дня стала вядома, што Аляксандр быў затрыманы і ўвесь гэты час знаходзіўся ў КДБ.

28 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна Гародні асудзіў яго на 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд падтрымаў версію міліцыі, што Аляксандр Жук удзельнічаў у двух гарадзенскіх маршах супраць фальсіфікацыяў вынікаў выбараў і збіцця людзей.

Беларускае  Радыё Рацыя

Фота:   belsat.eu