Пасля абвяшчэння прысуду лідарам РЭП затрымалі каля 20 актывістаў
Каля 20 чалавек затрыманыя 24 жніўня каля Дома правасуддзя ў Менску пасля абвяшчэння прыгавору лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.
Пасля вынясення прыгавору частка актывістаў, якія прысутнічалі ў судзе, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Вольга Нікалайчык, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, зладзілі пікет каля ўваходу ў будынак. Яны разгарнулі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў і сцяг з сімволікай прафсаюза РЭП. Статкевіч выступіў з прамовай. „Сёння ўзяліся за прафсаюзы, заўтра прыйдуць да кожнага„, — сказаў ён.
За падзеямі назіралі дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на чале з прадстаўнікамі кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкама. Праз 10 хвілін пасля пачатку пікета да пратэстоўцаў з будынка суда выйшаў дзяжурны міліцыянер і папрасіў спыніць акцыю. Яшчэ праз некалькі хвілін да Дому правасуддзя пад’ехаў аўтобус з супрацоўнікамі АМАПа, якія затрымалі практычна ўсіх пратэстоўцаў, за выключэннем Вінярскага і Статкевіча.
Цяпер ля будынка Дома правасуддзя знаходзяцца каля 50 чалавек, у тым ліку апазіцыйныя палітыкі і актывісты, праваабаронцы, члены прафсаюза РЭП і журналісты. БелаПАН
Фота: ПЦ „Вясна”