Пасля акцыі памяці Жызнеўскага затрымалі двух актывістаў



Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч былі затрыманыя 22 студзеня каля ўкраінскага пасольства ў Менску пасля акцыі, якую яны і яшчэ прыкладна дзясятак актывістаў праводзілі ля помніка Тарасу Шаўчэнку. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД” Павел Севярынец.

Акцыя была прысвечана гадавіне гібелі ў Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які стаў пяць гадоў таму адной з першых ахвяр Еўрамайдана. Як расказаў Севярынец, падчас мерапрыемства каля помніка Шаўчэнку былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя свечкі.

Двух актывістаў, паводле звестак Севярынца, затрымалі пасля акцыі і павезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска.

Дваццаціпяцігадовы актывіст партыі УНА-УНСО беларус Міхаіл Жызнеўскі ўваходзіў у самаабарону Майдана, удзельнічаў у ахове яго аб’ектаў, дзяжурыў у палатках, дапамагаў у працы УНА-УНСО. Быў забіты падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік. 13 чэрвеня 2017 года Жызнеўскі быў удастоены звання Героя Украіны (пасмяротна). Пахаваны на могілках вёскі Сцяг Працы Гомельскага раёна. Помнік неаднаразова апаганьвалі вандалы. Бацька Жызнеўскага памёр 8 красавіка 2018 года, маці — менш чым праз месяц, 4 мая.

Забойства Жызнеўскага да гэтага часу не раскрыта.

belapan.by