Пасля аперацыі палітвязень Уладзімір Мацкевіч піша кнігу па філасофіі
„Шмат чытае, карыстаецца турэмнай бібліятэкай. Самае галоўнае, што вярнуўся да навуковай дзейнасці”, — цытуе словы дасведчанай крыніцы „Радыё Свабода”.
Мацкевіча ўтрымліваюць у турме № 4 у Магілёве, куды ён трапіў па рашэнні суда Шклоўскага раёна пасля некалькіх тэрмінаў у ШІЗА і трох месяцаў у ПКТ шклоўскай калоніі. Яго стан здароўя пагоршыўся, і ў жніўні ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Калодзішчах палітвязню зрабілі паражнінную аперацыю. У турме Уладзіміру Мацкевічу некалькі разоў мянялі камеру. Цяпер ён апынуўся ў малой камеры, „дзе рухацца складана”. Прагулкі яму дазваляюць, а тэлефанаванні — не. За кратамі Мацкевіч неяк жартам казаў пра сябе: „Трэба навучыцца жыць раслінным жыццём”.
Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу 67 гадоў. За кратамі ён са жніўня 2021 года. У чэрвені 2022-га ён быў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у „абразе Лукашэнкі” (за відэазапіс на YouTube-канале), „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (удзел у вулічнай акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года) і „стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем” (так называюць платформу народных прадстаўнікоў „Сход”). За кратамі ў менскім СІЗА філосаф 13 дзён трымаў галадоўку.
Беларускае Радыё Рацыя