Пасля двух дзён пераследу блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам



Пасля двух дзён пераследу на дарогах Беларусі міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва. 

Машыну, у якой ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад’яўляць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго. 

Блогер Міхась Аршынскі паведамляе, што ў Магілёве на вуліцы Крупскай каля мясцовага ізалятара часовага ўтрымання стаіць патруль ДАІ і правярае дакументы ў тых, хто пад’язджае сюды. Ёсць меркаванне, што Ціханоўскага прывезлі туды. 

Нагадаем, што цягам апошніх двух дзён машыны праекту „Страна для жизни” шмат разоў спыняла міліцыя і ДАІ. Учора, пятага траўня, Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў нём не аказалася. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі літаральна адбілі яго. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва дала загад міліцыянтам сысці. 

spring96.org