Пасля маршу ў Берасці затрымалі 6 чалавек



Шасцёра актыўных удзельнікаў акцыі супраць дэкрэта № 3, што прайшла 5 сакавіка ў Берасці, затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Так, увечары 5 сакавіка затрыманыя пяцёра прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія падчас шэсця па цэнтральных вуліцах Берасця рухаліся на чале калоны пратэстантаў. Вядома, што адзін з іх знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суды над затрыманымі павінны прайсці ўжо сёння.

Увечары ў Берасці быў затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў, які актыўна ўдзельнічаў у берасцейскім маршы.

У Берасці 5 сакавіка прыблізна 1.000 чалавек прайшлі па цэнтральных вуліцах горада з патрабаваннем адмены дэкрэта № 3 аб „дармаедстве”. Акцыя стала ўжо трэцяй і самай масавай у горадзе. Прыкладна сотня чалавек паводле запрашэння мясцовых уладаў сустрэліся са старшынёй Берасцейскага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком, на якой ён прызнаў, што „дэкрэт сыры і патрабуе дапрацоўкі”.

Паводле звестак праваабаронцаў, увечары 5 сакавіка ў Менску таксама затрымалі актывістак апазіцыі Маю Навумаву і Наталлю Гарачку-Басалыгу. Навумава была затрыманая ў раёне парку Чалюскінцаў, падставай паслужыла тое, што яна расклейвала аб’явы пра акцыю ў Дзень Волі 25 сакавіка. Гарачка-Басалыга была затрыманая ў Бараўлянах Менскага раёна, яе абвінавачвалі ў парушэнні ПДР пры пераходзе дарогі. Абедзвюх актывістак адпусцілі з міліцыі праз некалькі гадзінаў без складання адміністрацыйных пратаколаў.