Пасля месяца арышту Алесю Круткіну прысудзілі яшчэ 15 сутак
Актывісты кампаніі “Еўрапейская Беларусь” прыйшлі сустракаць свайго аднадумцу з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання.
Але чакалі дарма: высветлілася, што яшчэ ў першай палове дня блогера адвезлі ў Лепель на новы суд. З дарогі Алесь Круткін патэлефанаваў маці і папрасіў звязацца з адвакатам, якая бараніла яго падчас мінулага судовага працэсу. Ад абаронцы стала вядома, што лепельскі суд пакараў хлопца яшчэ 15-цю суткамі арышту. Падрабязнасці таго, у чым звінавацілі Алеся Круткіна, пакуль не вядомыя.
Агульны тэрмін пакаранняў, прысуджаны блогеру і актывісту трыма судамі, складае ўжо 45 сутак. Першы 15-суткавы арышт ён адбыў у Полацку і часткова ў Віцебску за ўдзел у менскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі , якая адбылася ў Менску. Апошні арышт, з-пад якога Алесь Круткін так і не выйшаў, быў прысуджаны яму ў Віцебску за налепку “Калгаснай дыктатуры – баста”, наклееную на будынак абласной пракуратуры.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск