Пасля нецэнзурнай лаянкі ў адрас журналіста звольненая прэс-сакратарка Мінсельгасхарча



Зінаіда Бярэшчанка звольненая з пасады прэс-сакратаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі пасля нецэнзурнай лаянкі ў адрас журналіста.

Фота: Facebook.

Інфармацыю пра звальненне Бярэшчанкі БелаПАН пацвердзілі спачатку ў Мінсельгасхарчы, а затым — і яна сама. „Я не працую ў Мінсельгасхарчы”, — сказала Бярэшчанка, адмовіўшыся ад якіх-небудзь каментароў.

У міністэрстве таксама не сталі называць прычыну звальнення прэс-сакратаркі, але паабяцалі выслаць каментар „ва ўстаноўлены законам тэрмін”.

15 ліпеня журналіст сайта nn.by Зміцер Панкавец звярнуўся да Бярэшчанкі па каментар. Прычынай яго званка стала фатаграфія, якую выклаў у Instagram намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

На здымку ён быў у майцы з надпісам Russia на грудзях. Журналіста цікавіла, чаму беларускі чыноўнік носіць майку з назвай іншай дзяржавы. У адказ ён пачуў ад прэс-сакратара нецэнзурную лаянку.

Рэдакцыя выклала запіс размовы на сайт. На наступны дзень Бярэшчанка папрасіла ў Панкаўца прабачэння за сваю эмацыянальнасць, напісаўшы яму асабістае паведамленне ў „Фэйсбуку”.

Неўзабаве пасля гэтага з сайта Мінсельгасхарча знікла інфармацыя пра прэс-сакратарку. Пазней стала вядома, што рэдакцыя nn.by звярнулася да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько з просьбай прыцягнуць Бярэшчанку да дысцыплінарнай адказнасці і не працягваць з ёй працоўны кантракт.

Зінаіда Бярэшчанка працавала прэс-сакратаркай Мінсельгасхарча з 2014 года.

belapan.by