Пасля разбурэння „Маскоўскага”
Роўна паўгода прайшло з дзён, калі ў літаральным сэнсе адбылося разбурэнне аўтавакзала “Маскоўскі”. Нягледзячы на 8 тысяч подпісаў пасажыраў з усіх куткоў Беларусі, сабраных “супраць”. Такім чынам, першая частка ўказа Лукашэнкі нумар 52 “Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплекса” была выкананая.
Аднак дагэтуль на вызваленай пляцоўцы не пачалося абяцанага будаўніцтва 17-павярховага хмарачоса “Газпрама”, не рухаецца справа з транспартнай развязкай з вуліцы Філімонава на праспект Незалежнасці. Амаль спартовая роўная пляцоўка на месцы прыгажуна-вакзала, за які архітэктар Мікалай Навумаў атрымаў Дзяржпрэмію і 5 міжнародных узнагарод, прытоеная зараз ад старонніх вачэй парканам у два чалавечых росты.
Рэальны стан спраў адсочвае ды аналізуе ўжо чацвёрты год ініцыятар ды кіраўнік грамадскай ініцыятыўнай групы па захаванні “Маскоўскага”, спадар Віктар Талмачоў.
Узгадваем напачатку, як паўгода таму суцяшалі гарадзенскага студэнта, які, не ведаючы пра закрыццё “Маскоўскага”, не змог своечасова пасля сесіі ад’ехаць дахаты. Пра пажылога мужчыну, які не патрапіў на паховіны ў Лагойск. Пра мацюкі ў бок уладаў з вуснаў многіх, у каго з-за закрыцця аўтавакзала парушыліся жыццёвыя планы.
Віктар Талмачоў: Сёння ясна, што разбурэнне “Маскоўскага” сталася маштабнай транспартнай інфраструктурнай катастрофай. Для пасажыраў гэта звязана з дадатковымі эканамічнымі стратамі на перасадках – раз, са стратамі часу, каб зарыентавацца, як і з якіх прыпынкаў дабірацца да месца – два.
РР: Праект транспартнай развязкі, у будаўніцтве якой асноўная зацікаўленасць беларускага боку – застопарыўся. Бо фінансы свяваюць рамансы – Газпрам не пералічвае першы транш у 60 млн даляраў, а патрабуецца ўжо ўдвая больш. Але і гэта далёка не мяжа?
Віктар Талмачоў: Будзе тое самае, што і з аэрапортам “Менск-2”, дзе было да шасці пераацэнак. А зараз нават кітайцы адмаўляюцца браць удзел у яго “мадэрнізацыі”.
РР: Развязка падаецца, як вымушанае зло – барацьба з заторамі, колькасць якіх на праспекце нарастае…
Віктар Талмачоў: Хлусня! Я ў 80-х прапанаваў ідэю прадоўжыць вуліцу Каліноўскага праз праспект Незалежнасці да Францыска Скарыны, з выхадам у Партызанскі раён тагачаснаму галоўнаму архітэктару Менска Нікіціну. Атрымаўся добры аб’яздны шлях для аўтатранспарта. Ёсць небяспека, што калі худа-бедна развязку запусцяць, узнікне таксама спакуса правесці дарогу не наўкола, а наўпрост – з Філімонава праз Севастопальскі парк. Але там забрудзяць водазабор “Зеляноўскі”, што з дапамогай дарагіх прыладаў забяспечвае Менск артэзіанскай вадой. Ахвяруе праграма “Чыстая вада”, на якую, дарэчы, дабрачынна некалі даў грошы Захад. І развязка першапачаткова недасканалая – будуюцца два з’езды замест запланаваных чатырох. Да таго ж існуе еўрапейская практыка – не рабіць аб’яздныя шляхі ў цэнтрах мегаполісаў.
РР: Але ці не можа ў перспектыве сітуацыя стаць яшчэ горш? Бо ж Газпрам, які, паводле дамоўленасцяў, бярэ на сабе 50% фінансавання, можа, увогуле, страціць зацікаўленасць у праекце. У сувязі з украінскімі падзеямі, заходнімі санкцыямі, магчымым скарачэннем нафтагазавага экспарту ў Еўропу…
Віктар Талмачоў: Ёсць прэцэдэнт у Піцеры, дзе пасля рэферэндума далі “адлуп” Мілеру ў будаўніцтве газпрамаўскага хмарачоса ў запаветных культурніцкіх месцах. Мы ў свае часы заклікалі правесці рэферэндум у нас – наконт зноса “Маскоўскага” ды будаўніцтва развязкі. Цяпер гэта асбліва ясна, калі падае рубель, ідуць з Масквы “маскіровачныя” акцыі накшталт будаўніцтва лядовай пляцоўкі ля Нацыянальнай бібліятэкі, нейкага Дома маці замест рэальных грашовых уліванняў. Усё выглядала невыгодным для Беларусі і раней – расейцы абяцалі кампенсацыю за знос у 17 млн даляраў, а вакзал зараз каштаваў бы ўсе 30! Гэта без уліку будучай амартызацыі. Самае непрыемнае – арэндная плата ў паўтара даляра за квадратны метр. Гэта ў цэнтры сталіцы! То бок, Газпрам будзе плаціць мізэрную суму ў 300 тысяч даляраў у год. А кошт перасадак мільёна пасажыраў, што абслугоўваў “Маскоўскі”, ў 4 разы болей – мле 200 тысяч “зялёных”. Між іншым, паводле нашага Грамадзянскага кодэкса, такая дамова можа быць аднабакова скасавана. Выйсце бачым у аднаўленні “Маскоўкага”, заняўшы прершыя тры паверхі газпрамаўскага хмарачоса – калі справа дойдзе да будаўніцтва. Што да развязкі, нагадаю красамоўную гісторыю з трэцім аўтамабільным колам вакол Менску. Пуцін узняў цэны на газ – Лукашэнка загадаў прыпыніць будаўніцтва. Пакуль нас чакае безчасовая “сталкерная” зона на месцы разбурэння “Маскоўскага”. Да таго ж, сітуацыя “цягнічком” пойдзе і будзе выкарыстана апанетнамі у будучай прэзідэнцкай кампаніі. Увогуле, разбуральны тэхналагічны рэжым, на які выйшла сітуацыя з “Маскоўскім”, мусіць стаць папярэджаннем і па былому аэрапарту “Менск-1”, дзе таксама з-за грашовых інвестыцыйных выгодаў збіраюцца забудаваць гандлёвымі кропкамі былую ўзлётна-пасадкавую паласу – уцепленую, сучасную. І па будучай АЭС, якая будуецца з “ветранага” боку і ў часе эксплуатацыі Менск будзе пад пастаяннай пагрозай радыяцыйнага забруджвання. Тым больш, калі грошай няма – пачынаецца эканомія, калі пра самыя патрэбныя для эка-аховы рэчы чыноўнікі “забываюць”…
Таму прыстаўку “экс” Віктар Пятровіч Талмачоў у адносінах да сабе лічыць дачаснай. Сітуацыя з былым “Маскоўскім” яшчэ можа быць немаведама як перайграна. Прынамсі, ён перакананы, што грамадскасць чакаюць неспадзяванкі і сюрпрызы.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара