Пасля суда журналіст Зміцер Лупач трапіў у рэанімацыю



Пасля судовага пасяджэння журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач трапіў у рэанімацыю.

У яго здарыўся гіпертанічны крыз, і яго хуткая з будынку суда адвезла ў Глыбоцкую лякарню. Сёння, 11 траўня, суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч прысудзіў яму 10 сутак арышту і 45 базавых велічыняў штрафу. Судзілі журналіста па двух артыкулах – частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

Як сказаў Зміцер Лупач пасля абвяшчэння прысуду, пра справядлівы вырак ён не думаў, бо ведае, які ў Беларусі суд:

– А што тут думаць? У нас жа самы справядлівы суд. Загадка ёсць такая: орган з трох літар, у сярэдзіне У – суд. Калі хто падумаў на іншае слова, то гэта колькасць справядлівасці ў гэтым судзе. 

Прысутныя на судзе былі абураныя выракам. Як кажа праваабаронца Павел Левінаў, асабліва абурыла тое, што Змітру не далі пастанову, а ў міліцыянтаў, якія чакалі журналіста на машыне каля будынка суда, яна ўжо была:

– Пастанову на рукі не выдалі, хаця супрацоўнікам міліцыі завераную пастанову за подпісам суддзі і пячаткай суда выдалі. Таксама Зміцер звярнуўся з заявай пра тое, каб у сувязі з рэзкім пагаршэннем здароўя адтэрмінавалі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Дадзеную заяву прынялі, але разгледзіць яго тэрмінова адмовіліся. Мне гэта нагадвае гісторыю, якая здарылася з нашай краінай 75-ць гадоў таму.

Людзі, якія прыйшлі на суд да Змітра Лупача падтрымаць яго, яшчэ доўга абмяркоўвалі каля будынкаў суда тое, што адбылося. Нават павыходзілі людзі з дамоў, якія жывуць насупраць суда. Потым паступова пачалі раз’язджацца супрацоўнікі суда, сярод апошніх быў суддзя Андрэй Тарасевіч. Як кажа Павел Левінаў, ён выйшаў у суправаджэнні дзяжурнага міліцыянта, які праводзіў яго да машыны. Па словах Левінава, шкада было глядзець на суддзю, які баіцца народа, які яму нічога дрэннага не зрабіў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя