Пасля выходных могуць выпісаць шэсць пацыентаў з каронавірусам
Шэсць пацыентаў са станоўчымі тэстамі на каронавірус адчуваюць сябе здавальняюча і могуць быць выпісаныя пасля выхадных, паведаміла журналістам 5 сакавіка прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
„Скаргаў няма, павышэння тэмпературы няма. Па стане яны могуць быць выпісаныя са стацыянара нават зараз, але паводле пратакола неабходна атрымаць двойчы адмоўны лабараторны тэст, які пакажа адсутнасць РНК віруса ў клетках слізістых абалонак. На працягу выхадных — пачатку наступнага тыдня пасля атрымання лабараторных даных гэтыя пацыенты будуць выпісаныя”, — адзначыла прадстаўнік міністэрства.
Паводле яе інфармацыі, працягваецца назіранне за 91 чалавекам з тых, хто блізка кантактаваў з інфікаванымі. „Усе змешчаныя на каранцін студэнты БНТУ адчуваюць сябе здавальняюча. На сённяшні дзень ні ў каго з іх РНК каранавіруса не выяўленая”, — паведаміла Барадун.
Паводле ўдакладненых звестак Міністэрства аховы здароўя, 5 сакавіка адпушчаныя дадому шэсць студэнтаў і выкладчык, якія паступілі ў бальніцы з пачырваненнем горла або іншымі прыкметамі ВРЗ. У іх каронавірусная інфекцыя не пацвердзілася.
Згодна са словамі Барадун, пры адсутнасці дадатковых звестак аб распаўсюджанні інфекцыі сярод студэнтаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на наступным тыдні зможа вярнуцца да звычайнага рэжыму працы. Выкладчыкам будуць закрытыя лісткі непрацаздольнасці, студэнтам — выдадзеныя даведкі. Усе яны змогуць вярнуцца да працоўнай дзейнасці.
Зараз пад медыцынскім наглядам знаходзяцца 1.322 чалавекі, якія прыбылі з эпідэміялагічна неспрыяльных раёнаў. 1.135 чалавек знятыя з назірання ў сувязі з адсутнасцю клінічнай карціны і завяршэннем інкубацыйнага перыяду.
Фота: скрыншот з відэа