Пасля звароту ў пракуратуру берасцейскаму актывісту вярнулі рэчы



Гаворка ідзе пра асабістыя рэчы, якія належаць праграмісту і ўдзельніку акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў у Берасці — Андрэю Прыстаўцы.

Паводле ягоных слоў, аматары прытрымаць іх у сябе, базуюцца ў Маскоўскім РАУС Берасця:

– Ленінскі РАУС ні разу нічога ў мяне не арыштоўваў, у Маскоўскага відавочна іншы спосаб працы. Кожны раз, калі яны мяне затрымлівалі, кожны раз яны ў мяне канфіскоўвалі тэлефон, як матывацыя, каб я аплаціў штраф. „Калі заплаціш штраф, тады мы табе вернем тэлефон”.  Такім чынам яны арыштавалі ў мяне тры тэлефоны, навушнікі, ровар. Яшчэ адзін тэлефон у мяне арыштаваны ў Менску. Адзін с судоў, які ў мяне быў у Маскоўскім раёне, я проста непасрэдна звярнуўся да суддзі: „Што адбываецца з маімі арыштаванымі рэчамі?”. Ён напісаў у пастанове: „Вярнуць арыштаваныя рэчы”. З гэтай афіцыйнай паперай я ездзіў у Маскоўскі РАУС і спрабаваў дабіцца, каб мне вярнулі мае рэчы. Не тое, каб мне казалі: „Не, не аддадзім”. Проста, то яго няма, то ён будзе праз паўгадзіны, то ён ператэлефануе, то ператэлефануе заўтра. Гэта працягвалася некалькі тыдняў. Я ўрэшце проста звярнуўся да берасцейскага пракурора.

„Пракуратура спрацавала і праз пэўны час мне напісалі з Маскоўскага РАУС Берасця, пасля чаго я паехаў і ўрэшце рэшт забраў свае рэчы”, – падсумоўвае свой аповяд Андрэй Прыстаўка.

Беларускае Радыё Рацыя