Пасол Ізраіля ў Беларусі: Нас цікавіць, каб сінагога ў Слоніме была адноўлена
Слонім наведаў пасол Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Алон Шагом. У складзе дэлегацыі былі Кацярына Літвак – першы сакратар пасольства, прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый у Беларусі і іншыя асобы.
Алона Шагома вітаў старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч. Габрэйскія госці і кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама правялі гутарку наконт старой сінагогі ў Слоніме, якая была пабудавана ў 1642 годзе і знаходзіцца цяпер у дрэнным стане, а таксама пра далейшы лёс гэтага помніка.
”Нас менш цікавіць, хто будзе фінансаваць рэстаўрацыйныя работы, галоўнае, каб сінагога ў Слоніме была адноўлена”, – сказаў пасол Ізраіля.
Алон Шогам паабяцаў, што ў бліжэйшы час назаве арганізацыю, якая выкупіць сінагогу і пачне рэстаўрацыйныя работы. Дарэчы, наступны аўкцыён у Гародні, дзе будзе прадавацца слонімская сінагога, адбудзецца 8 жніўня. Кошт яе складае 123 тысячы 300 рублёў. А першапачатковы кошт быў 137 тысяч рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя