Пасол Швейцарыі наведаў Наталлю Хершэ ў гомельскай калоніі



Пасол Швейцарыі ў Менску Клод Альтэрмат наведаў сваю суайчынніцу, нараджэнку Беларусі Наталлю Хершэ, якая адбывае зняволенне ў гомельскай турэмнай калоніі № 4.

Візіт адбыўся 20 траўня. „Сітуацыя для нашай суайчынніцы няпростая. Наталля вельмі шануе ўсю падтрымку звонку, дзякуе і перадае ўсім прывітанне”, — напісаў дыпламат у „Твітэры”.

Альтэрмат наведвае Хершэ ў калоніі другі раз. Першы візіт адбыўся 9 красавіка.

7 снежня 2020 года суд Савецкага раёна Менска прызнаў Наталлю Хершэ вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК) і прыгаварыў да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі і выплаце 1.000 рублёў пацярпеламу сілавіку. Згодна з судовым рашэннем, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, „падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні”.

Жанчына сваю віну не прызнала. Беларускія праваабаронцы лічаць Хершэ палітзняволенай. Паводле іх інфармацыі, асуджаная два разы абвяшчала галадоўку.

Справу Наталлі Хершэ абмяркоўваў кіраўнік швейцарскага знешнепалітычнага ведамства Іньяцыа Касіс на перамовах з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем 20 красавіка падчас яго візіту ў Швейцарыю. „Часткай дыскусіі” быў „выпадак Наталлі Хершэ”, напісаў Касіс у „Твітэры” паводле вынікаў сустрэчы, на якой ён заяўляў пра неабходнасць выканання асноўных правоў чалавека і пакарання за іх грубыя парушэнні.

belapan.by