Пасол Швейцарыі зноў сустрэўся ў турме з Наталляй Хершэ
Пасол Швейцарыі ў Менску Клод Альтэрмат 25 студзеня сустрэўся ў турме з грамадзянкай сваёй краіны, ураджэнкай Беларусі Наталляй Хершэ. Яна адбывае пакаранне паводле прыгавору суда, які прызнаў яе вінаватай у гвалце да супрацоўніка міліцыі.
Гэта другі візіт дыпламата да Хершэ за апошнія тры тыдні. „З улікам няпростых умоў справы ў яе ідуць добра. Наталля зноў дзякуе за магутную падтрымку і пастаянную ўвагу да яе”, — напісаў Альтэрмат на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
Прыкладна гэтак жа ён пракаментаваў сустрэчу з Хершэ, якая адбылася 5 студзеня.
Суд Савецкага раёна Менска 7 снежня 2020 года прызнаў Хершэ вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Паводле прысуду, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) ля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, „падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні”. Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1.000 рублёў. Жанчына сваю віну не прызнала.
Сітуацыю з Наталляй Хершэ 22 снежня абмеркавалі па тэлефоне міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і яго швейцарскі калега Іньяцыа Касіс. Пасля перамоў Касіс напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры”: „Чарговы абмен думкамі з міністрам замежных спраў Беларусі Макеем. Гвалт з боку сіл бяспекі недапушчальны. Наталля Хершэ карыстаецца консульскай абаронай: пасольства Швейцарыі ў Беларусі мае прамы доступ [да яе] і сочыць за судовай справай. Наша суайчынніца павінна быць вызваленая”.
Беларускія праваабаронцы прызналі Хершэ палітзняволенай.