Пасольства Вялікабрытаніі адзначае рост зваротаў беларусаў па візы
„Мы назіраем рост зваротаў беларусаў па брытанскія візы”, — сказала пасол Вялікабрытаніі Жаклін Перкінс на сустрэчы з журналістамі 5 лютага ў Менску.
Яна адзначыла, што дадзеных за ўвесь 2019 год пра колькасць зваротаў па візы пакуль няма, але за дзевяць месяцаў мінулага года было пададзена каля 13,5 тысячы заявак на візы. „Я мяркую, што па выніках усяго года гэта будзе каля 17 тысяч зваротаў, — сказала Перкінс. — У беларусаў вельмі высокі працэнт паспяховых заявак. Адмовы ў візе атрымліваюць каля 2% заяўнікаў”.
Пасол таксама падкрэсліла, што паколькі візавая палітыка не была часткай адносін Вялікабрытаніі і ЕС, то пасля Brexit яна застанецца такой жа. „У найбліжэйшай будучыні не бачу ніякіх змен у нашай візавай палітыцы”, — сказала яна.
Гаворачы аб грамадзянах Вялікабрытаніі, якія прыязджаюць у Беларусь, Перкінс адзначыла, што кожны год іх колькасць павялічваецца на 30%. „Паводле дадзеных, якімі з намі падзяліўся консульскі аддзел нашага МЗС, у 2018 годзе Беларусь наведалі больш за 13 тысяч брытанцаў. Прыкладна дзве траціны з іх скарысталіся магчымасцю бязвізавага ўезду, астатнія падаваліся на візу”, — сказала дыпламат.
„Я лічу, што больш брытанцаў павінны прыязджаць у Беларусь, каб убачыць, якая гэта выдатная краіна”, — дапоўніла пасол.