Пасольства ЗША пашырыла візавыя паслугі для беларускіх грамадзян
Пасольства ЗША ў Менску 9 студзеня пашырае візавыя паслугі для грамадзян Беларусі.
Цяпер пасольства будзе прымаць заявы ад рэзідэнтаў Беларусі на візы катэгорый A, C1/D, G, F, H, I, J, L, M, O, P і R.
Застаецца ў сіле абмежаванне па ўзросце для асоб, якія звяртаюцца па візы класа B1/B2 (турызм/бізнес). Цяпер у Менску па візы класа B1/B2 могуць звярнуцца толькі рэзідэнты Беларусі ва ўзросце 50 гадоў і больш.
„Мы працуем над пашырэннем магчымасцяў консульскага аддзела і спадзяемся ў найбліжэйшай будучыні яшчэ больш пашырыць нашы візавыя паслугі”, — адзначалася раней у паведамленні дыппрадстаўніцтва.
Раней па візы катэгорый В1/В2 у пасольства ў Менску маглі звяртацца рэзідэнты Беларусі, якія 70 гадоў і больш. 1 лістапада 2017 года ўзрост зніжаны да 50 гадоў.
Колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску была скарочана па патрабаванні беларускага боку ў сакавіку 2008 года пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна „Белнафтахім” у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Неўзабаве пасля гэтага беларускі пасол у ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. З таго часу амерыканскую місію ў Менску ўзначальваюць часовыя павераныя.
Дыпламатычны штат пасольства быў скарочаны з 35 да пяці чалавек. У сувязі з гэтым быў скарочаны пералік консульскіх паслуг грамадзянам.
Беларускія грамадзяне вымушаныя звяртацца па візы ў консульскія аддзяленні пасольстваў ЗША ў Маскве, Варшаве, Кіеве і Вільні.
У 2014 годзе пасольства аднавіла выдачу віз некаторым катэгорыям грамадзян — студэнтам, удзельнікам праграм абмену, людзям, якім больш за 70 гадоў, і тым, у каго раней была амерыканская віза.
belapan.by