„Паспалітае рушэнне”: Рыхтуем рэзервы для вызвалення Беларусі
У варшаўскім Беларускім доме падчас прэс-канферэнцыі Зянон Пазьняк абвясціў пра стварэнне Рады бяспекі і дадаў, што вядуцца кансультацыі з прадстаўнікамі нацыянальна-дэмакратычных ініцыятываў Беларусі. Сярод патэнцыйных актывістаў Рады – прадстаўнікі ініцыятывы „Паспалітае рушэнне”, якое зусім нядаўна абвясціла аб сваім існаванні як незалежнага ўтварэння на тэрыторыі Польшчы і Літвы.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з кіраўніком „Паспалітага рушэння”, добраахвотнікам з пазыўным „Гусар” пра тое, якая галоўная мэта незалежнай ініцыятывы, ці можна казаць пра поўнавартасную мілітарызацыю беларускай дэмакратыі ў выгнанні, пра беларускі „французскі лёгіен”, і якім чынам можа адбыцца непасрэднае вызваленне Беларусі:
– „Паспалітага рушэнне” – гэта аб’яднанне беларусаў праз вайскова-фізічную, тэарэтычную падрыхтоўку рыхтавацца да вызвалення Беларусі і Украіны ад нашых „сяброў” з Усходу. Летам ужо была пачатая ініцыятыва, калі Сахашчык знайшоў фінансаванне на першыя дзве групы „Паспалітага рушэння”. Гэта ўжо называлася „Паспалітае рушэнне”, мы зрабілі прома-ролік, які цяпер у нас на сайце. Таму мы вырашылі не адмаўляцца, не „выдумляць ровар”, бо ўсё ўжо ёсць. З іншага боку BYPOL заявіў, што яны будуць ствараць „харугвы”. Мабілізацыйных і фінансавых сродкаў у іх не хапіла, каб давесці гэта да розуму. Таму напрыканцы года прыйшлі да таго, што трэба сабрацца, самаарганізавацца і наперад. Калі ўсё гэта закінуць, то ініцыятыўныя групы будуць „варыцца” самі па сабе, без падтрымкі, фінансавання і праўдападобна, што ўсё гэта сыдзе на нішто.Асобныя групы не могуць быць эфектыўнымі, не змогуць паўплываць на штосьці, гэта проста будзе група хлопцаў. Задача „Паспалітага рушэння”, як арганізацыі, гэта арганізаваць, структураваць і развіваць гэтую ініцыятыву, каб яна магла паўплываць на штосьці, а не была проста заявай пра стварэнне чагосьці, нейкім піярам. Наша задача – гэта трэніроўка людзей, спартовая і вайсковая падрыхтоўка.
РР: Гэта адбылося пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне ці перад?
– Яшчэ да вайны ў Літве быў створаны клуб „Літвіны”. Па сутнасці цяпер гэта дзве нашыя харугвы – віленская і ковенская, проста не называлася „Паспалітае рушэнне”. Можна называць як заўгодна, гэта ўсяго толькі тэрміналогія. Чым займаюцца ўдзельнікі „Паспалітага рушэння”? Яны трэніруюцца, каб патрэбны момант стаць рэзервам для вызвалення Беларусі, калі гэты час настане. Калі гэты час надыдзе, а ніхто не будзе гатовы, то вакно магчымасцяў хутка зачнецца. Можна правесці паралель з палком Каліноўскага, калі б у нас яго не было, то наколькі горшым было б стаўленне ўкраінцаў да беларусаў. Украіна і без беларусаў пераможа, беларусаў там такая колькасць, што яны не з’яўляюцца гейм-чэйнджэрамі ў гэтай вайне. Не было б у нас падраздзяленняў, ні Каліноўскага, ні 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна, тое што цяпер Валер Сахашчык стварае, ні „Тэрора”, вось проста нейкія там беларусы ваююць, ніхто іх не ведае. Праз нейкі час наступае паражэнне Расеі, заключаецца мір, пра вызваленне Беларусі нават ніхто думаць не будзе, бо няма ніякіх перадумоў. З кім весці перамовы? Тое ж самае з „Паспалітым рушэннем”, калі ніхто не будзе варушыцца, ніхто не будзе трэніравацца, то за адзін дзень, калі адчыніцца вакно магчымасцяў, то ніхто не будзе гатовы, усё застанецца на ўзроўні нейкіх заяў, канферэнцый і ўсяго астатняга. Канферэнцыі яшчэ не вызвалілі ніводную краіну.
РР: Да якога палітычнага накірунку належыць „паспалітае рушэнне”?
– Тут насамрэч вельмі цікава, актуальнае пытанне. Насамрэч „Паспалітае рушэнне з’яўляецца нейтральным”. Чаму? Таму што ёсць розныя полюсы беларускай апазіцыі, таму мы проста будзем чакаць што з усяго гэтага атрымаецца. Але мы не можам чакаць склаўшы рукі, не можам проста сядзець і назіраць. Мы павінны трэніравацца ў любым выпадку, бо трэніроўкі займаюць час. Мы павінны знайсці фінансаванне, купіць яму камплект формы, купіць яму рыштунак, купіць яму макет зброі, навучыць яго бегаць, скакаць, капаць акоп, хавацца. Пасля яшчэ звадзіць на стрэльбішча, укласціся ў яго. Умоўна кажучы марпех ЗША пачынаючы свой шлях з нуля да Афганістана, калі ён ужо выязджае на місію, на яго трацяць мільён даляраў. Нам хаця б пару тысячаў знайсці на кожнага з нашых байцоў. Толькі адзін камплект формы, рыштунку і макет зброі каштуе тысячу. Гэта тое, што ўжывалася, мы кажам пра самы просты ўжываны рыштунак. Каб чалавек змог гэта апрануць на сябе і ён ведаў, што з гэтым рабіць. Ён проста мяняе страйкбольны макет на сапраўдную зброю і робіць тое, што ўмее рабіць – абараняе нейкія аб’екты, капае акопы і служыць рэзервам беларускім войскам, якія будуць вызваляць Беларусь. Я не ведаю з якой тэрыторыі, гэта вялікае пытанне, але сэнс у тым, што ў нас людзі, якія ўжо ваююць, але ім абавязкова патрэбны рэзерв. Калі яны ідуць наперад, то ім патрэбныя тыя, хто будзе забяспечваць тылы, забяспечваць лагістыку, медэвакуацыю і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя