Пастанова №49: грошы для міліцыі



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў звяртае ўвагу на тое, што свой подпіс пад дакументам, што значна абмяжоўвае магчымасці апазіцыі ў правядзенні вулічных акцыяў, паставіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, якога многія лічылі лібералам. За адмову ад аплаты паслугаў міліцыі арганізатарам Дня Волі ў Менску, у тым ліку Барысаву, ужо прысудзілі штрафы ў 30 базавых велічыняў кожнаму (гэта 765 рублёў).

– Гэтая пастанова паставіла крыж і на Чарнобыльскім шляху, і на Першага траўня, і на іншых мерапрыемствах, якія могуць, і маглі бы патэнцыйна адбывацца. Плюс, яны прывялі вось да гэтых судовых працэсаў, якія зараз ідуць. Я б хацеў звярнуць увагу на тое, што за гэтымі працэсамі вельмі актыўна сочаць прадстаўнкі дыпламатычных місій, якія знаходзяцца ў Беларусі.

Пастанова Саўміну №49 мусібыць адмененая ў найбліжэйшы час, – дадае Ігар Барысаў. БСДП «Грамада» рыхтуе адпаведны зварот у Канстытуцыйны суд. Прытым падчас бліжэйшых электральных кампаніяў свабодаў будзе больш. Пытанне: як апазіцыя імі скарыстаецца, – зазначае палітык. Дадам, што цяпер за ахову грамадскага парадку арганізатар мусіць заплаціць 6375 рублёў, калі акцыя будзе налічваць больш за тысячу чалавек.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя