Пастаўкі масак у аптэкі будзе курыраваць „Белфармацыя”
РУП «Белфармацыя» будзе адзіным аператарам па рэалізацыі ахоўных вырабаў, паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Беллегпрам».
«Урад прыняў рашэнне вызначыць адзіным аператарам па рэалізацыі ўсяго асартыменту ахоўных вырабаў РУП «Белфармацыя». Цяпер пастаўкі ахоўных масак у аптэчную сетку ўсіх форм уласнасці будзе курыраваць адзіны аператар», – растлумачылі ў прэс-службе.
Такая мера прынята, каб працэсы паставак і адгрузак былі празрыстымі, а кошты на маскі не завышаліся. Для медычнага персаналу маскі адгружаюцца УП «Белмедтэхніка».
«Сёння стаіць задача забяспечыць унутраны рынак краіны ў поўным аб’ёме: закрыць патрэбы як медычнага персаналу ў сродках аховы, так і грамадзян. Таму да вытворчасці ахоўных масак падключыліся дзясяткі розных прадпрыемстваў, на сёння іх ужо больш за 50», – адзначылі ў «Беллегпраме».
У канцэрне лічаць, што гэта не мяжа, прапановы па шыцці масак паступаюць штодзень. «Амаль 3,5 тыс. швачак, працуючы ў тры змены, вырабляюць маскі, а прадпрыемствы нарошчваюць магутнасці і гатовы прымаць на работу па шыцці масак швачак дадаткова», – дадалі ў прэс-службе.
З пачатку лютага, калі пачалі выпускаць першыя маскі, вытворчасць павялічылася ў 3 разы, істотна пашыраны асартымент. «Аднак першачарговая задача – забяспечыць медычнымі маскамі персанал устаноў аховы здароўя. Да канца тыдня плануем выйсці на лічбу ў памеры 1 млн масак, а да канца наступнага – 2 млн», – паведамілі ў «Беллегпраме».